25 мая ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі з фондаў Музея літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве (Польшча). Выстаўка арганізавана ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і Музеем літаратуры імя Адама Міцкевіча ў Варшаве аб правядзенні сумесных выставачных і культурна-адукацыйных праектаў і працягвае самы гасцінны традыцыйны праект музея, дзякуючы якому ў Доме знакамітага Песняра ўжо пабывалі рускія пісьменнікі ў асобе А. С. Пушкіна, Ф. М. Дастаеўскага, М. Ю. Лермантава, украінскія – М. Рыльскага і Т. Шаўчэнкі, літоўскія – К. Данелайціса.
Якуб Колас з глыбокай павагай ставіўся да польскай культуры, адзначаючы кроўныя духоўныя сувязі народаў-братоў, суседзяў, якім нішто не перашкаджае плённа развівацца і ўзбагачацца. Творчыя кантакты аб’ядноўвалі Якуба Коласа і Уладзіслава Бранеўскага – вядомага прадстаўніка польскай літаратуры.
Выстаўка “Польскія пісьменнікі 20-30 гг. ХХ стагоддзя” пазнаёміць з польскім літаратурным працэсам на фоне гістарычных сацыяльна-палітычных катаклізмаў у дзяржаве і творчай дзейнасцю некаторых пісьменнікаў, такіх як Анджэй Струг, Уладзіслаў Бранеўскі, Марыя Дамброўская, Чэслаў Мілаш, Вітольд Гамбровіч, Стэфан Жыромскі, Уладзілаў Рэймант і інш. Асоба кожнага аўтара раскрываецца праз фотаздымкі, дакументы і выявы асабістых рэчаў, а таксама праз цытаты з яго найбольш значных твораў.











