19 кастрычніка 2017 года а 18-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца прэзентацыя калінінградскага літаратурна-мастацкага часопіса “Берега” у межах міжнароднага праекту “Літаратурны глобус”да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі.

У часопісе “Берега” прадстаўлены творы як вядомых аўтараў, такіх як Мікалай Іваноў, Аляксандр Праханаў, Уладзімір Крупіна, Юнна Морыц, Дыяна Кан, Вячаслаў Лютый, Валянцін Курбат і многіх іншых, так і маладых, менш вядомых, але яркіх і таленавітых аўтараў з Расіі, Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Часопіс багаты разнастайнасцю рубрык, акрамя традыцыйных – паэзія, проза і публіцыстыка, крытыка, мастацтва і культуры, гісторыя і краязнаўства, юбілейныя літаратурныя даты, нязменнай цікавасцю карыстаюцца рубрыкі «Рускі свет без межаў», «Пераклады», «Маладыя берагі».

У некалькіх апошніх нумарах альманаха публікаваліся вядомыя беларускія аўтары –Міхаіл Пазнякоў, Анатоль Аўруцін, Таццяна Жылінская, Яўген Жываглод, а таксама доктар філасофскіх навук Валерый Старжынскіх, Тамара Кавалёнак і многія іншыя.

Прэзентацыі часопіса “Берега” адбываюцца ў розных гарадах і краінах,  і кожны раз– цудоўная нагода сустрэцца з таленавітымі пісьменнікамі, натхніцца аўрай творчасці. Гэтым разам пад гасцінным дахам Дома беларускага Песняра збяруцца вядомыя беларускія літаратары і заўзятыя чытачы. Спецыяльна запрошаны госць – Лідзія Давыдзенка, галоўны рэдактар часопіса “Берега”, старшыня Калінінградскай Асацыяцыі творчых саюзаў, член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Саюза журналістаў Расіі, кандыдат філасофскіх навук. Сустрэча будзе мець канцэртны характар – прагучаць вершы і песні ў выкананні Таццяны Жылінскай і Тамары Кавалёнак.