Загрузка Мерапрыемства
  • Это event прошло.

12 снежня 2017 года а 12-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца майстар-клас выкладчыкаў Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага (г. Масква) па перакладу мастацкай прозы у межах прэзентацыі Дома нацыянальных літаратур.

11-12 снежня 2017 года па запрашэнні Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Мінску будзе знаходзіцца дэлегацыя Літаратурнага інстытута імя М. Горкага (Масква) на чале з рэктарам Аляксеем Варламавым. Госці прыбудуць з мэтай прэзентацыі Дома нацыянальных літаратур, створанага ў 2017 годзе па рашэнні прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Дом нацыянальных літаратур закліканы стаць месцам сустрэчы пісьменнікаў з розных краін. Тут будуць праходзіць літаратурныя сустрэчы, фэсты, прэзентацыі, выстаўкі, майстар-класы.

У музеі беларускага Песняра вядомыя расійскія пісьменнікі правядуць майстар-клас па перакладу мастацкай прозы ў межах праекту “Школа Літаратурнага інстытута”. Месца правядзення такой сустрэчы абрана невыпадкова. Народны паэт Беларусі таксама далучаўся да мастацкага перакладу. У розныя часы Якубам Коласам былі перакладзены «Палтава» А. Пушкіна, некаторыя творы М. Лермантава, Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны. З творчасцю беларускага класіка знаёмы жыхары многіх краін свету. Яго творы перакладзены больш чым на 40 замежных моў, у тым ліку на найбольш распаўсюджаныя — англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую, кітайскую.  Асобае месца сярод перакладаў твораў знакамітага пісьменніка займаюць выданні на славянскіх мовах — рускай, польскай, украінскай, чэшскай, балгарскай. На рускай мове ў розны час выходзілі тры зборы твораў Якуба Коласа. Да 135-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа з’явілія новыя пераклады творчай спадчыны вядомага беларускага пісьменніка. Перакладчыкі з Санкт-Пецярбурга пераклалі паэму “Сымон-музыка” на рускую мову і выдалі яе асобным выданнем. Па ініцыятыве старшыні савета рэгіянальнага таварыства “Уздзені Дагестана” Керымхана Умаханава алегарычнае апавяданне Якуба Коласа “Хмарка” было перакладзена на мовы народаў Каўказа. Да 95-годдзя знакамітай паэмы “Новая зямля”, якое будзе адзначацца ў 2018 годзе, радкі “Мой родны кут, як ты мне мілы” загучаць на розных мовах свету, дзякуючы сучасным перакладчыкам.

У праграме знаходжання дэлегацыі ў Мінску таксама круглы стол з прадстаўнікамі літаратурных колаў Беларусі, перакладчыкамі, філолагамі, маладымі пісьменнікамі, абмеркаванне перспектыў супрацоўніцтва, развіцця творчых сувязяў беларускіх і расійскіх пісьменнікаў і перакладчыкаў, арганізацыя беларускага гурта перакладчыкаў ў Літаратурным інстытуце. Вядомыя расійскія пісьменнікі правядуць майстар-класы «Школа Літаратурнага інстытута» (паэзія, проза, мастацкі пераклад).