11 кастрычніка 2017 года а 15-й гадзіне ў Літаратурным музеі А.С. Пушкіна (Вільнюс, Літоўская Рэспубліка) адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Родны кут Песняра» з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, прысвечанай 135-годдзю са дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (1882 – 1956).
Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) – адзін з заснавальнікаў нацыянальнай прозы, творчасць якога складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. Аўтар несмяротных паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, славутых палескіх аповесцей і “Казак жыцця”, разам са сваімі паплечнікамі (Я. Купалам, М. Гарэцкім, З. Бядулям і інш.), узняў беларускае прыгожае пісьменства на ўзровень сапраўднага мастацтва, паставіў беларускую літаратуру побач з развітымі літаратурамі свету. У гэтым самая вялікая заслуга Якуба Коласа як нацыянальнага пісьменніка.
На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі велічных і прыгожых мясцін радзімы Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці, з вялікай любоўю апетых Песняром у сваіх творах. Захаваны і ўзноўлены чатыры мемарыяльныя сядзібы, дзе жыла сям’я бацькоў паэта. Яго “родны кут” – Акінчыцы, дзе 3 лістапада 1882 года нарадзіўся будучы класік беларускай літаратуры, месцы дзяцінства і юнацтва — Ласток і Альбуць, Смольня, у якой Якуб Колас упершыню сустрэўся Янкам Купалам. У 1972 годзе створаны Коласаўскі мемарыяльны заказнік, які аб’яднаў усе гэтыя мясціны.
Стаўбцоўшчына для Коласа – гэта і моманты шчаслівай пары дзяцінства, і першыя паэтычныя ўражанні ад навакольнай прыроды, і першыя пачуцці, што прабудзіліся ў таленавітым хлапчуку. Тут будучы паэт напісаў першыя радкі вершаў, таму і ўспрымаем мы названыя мясціны як крыницу натхнення вялікага нацыянальнага генія нашай краіны. Стаўбцоўска-наднёманскія краявіды ўлілі ў душу пісьменніка лірычны струмень яднання з прыродай, надзялілі здольнасцю глыбока бачыць хараство і таямніцы прыроды.
Значную частку жыцця класік пражыў у беларускай сталіцы, яго пасляваенная сядзіба стала мемарыяльным музеем, у якім захоўваецца памяць пра вялікага нацыянальнага дзеяча. Таму важнай часткай выстаўкі з’яўляюцца фотаздымкі памятных мясцін горада Мінска, звязаных з імем паэта: плошча Якуба Коласа, якую аздабляе скульптурная кампазіцыя “Паэт і яго героі” работы народнага архітэктара СССР Заіра Азгура, і Вайсковыя могілкі, дзе пахаваны класік нашай літаратуры і члены ягонай сям’і.
Беларусь любіць і цэніць талент свайго слаўнага Песняра.
На выстаўцы прадстаўлены работы беларускіх фотамастакоў Яўгенія Казюлі, Уладзіміра Сіза, Васіля Зянько.





