22 верасня 2017 года ў музеі Уладзіслава Бранеўскага (філіял Літаратурнага музея імя Адама Міцкевіча, г. Варшава, Рэспубліка Польшча) адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі “А так спеўна, дудка міла” з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (г. Мінск, Рэспубліка Беларусь). Выстаўка прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, біяграфія якога багата на шматлікія сувязі з прадстаўнікамі іншых літаратур.
Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, 1882 – 1956) ― аўтар сусветна вядомых паэм “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, трылогіі “На ростанях”, непераўзыдзены паэт-лірык, нарадзіўся ў маляўнічым наднёманскім краі ― Стаўбцоўшчыне. Дзякуючы заахвочванню бацькоў, з ранняга ўзросту быў знаёмы з творамі розных пісьменнікаў, але асаблівай пашанай карысталася імя Адама Міцкевіча. На сцяне бацькоўскай хаты будучага песняра вісеў невялікі графічны партрэт як сведчанне павагі да вялікага польскага паэта. Пазней Якуб Колас пісаў: “Адам Міцкевіч адзін з геніяльных славянскіх паэтаў. Па ахопу ўсеабдымнага таленту, па яго шырыні Адам Міцкевіч па справядлівасці займае адно з першых месц сярод паэтаў-геніяў”. Родныя Якуба Коласа, як і сам паэт, высока цанілі і любілі творчасць Марыі Канапніцкай, Генрыка Сянкевіча, у прыватнасці яго навэлу “Янка-Музыкант”, моцнае ўражанне мелі творы Уладзіслава Сыракомлі.
Дзякуючы Станіславу Фурманіку і Зофіі Русінскай, яшчэ ў 50-х гадах польскі чытач мог пазнаёміцца з аповесцямі Якуба Коласа “У палескай глушы” і “Дрыгва”, з паэтычнымі творамі ў зборніку “А так спявае дудка міла” (A tak śpiewa dudka miła) ў перакладзе Тадэвуша і Дароты Хрусцялеўскіх, Бажэны Клёг-Гагалеўскай.
Прадстаўленыя на выстаўцы матэрыялы дапамагаюць азнаёміцца з жыццём і творчасцю геніяльнага мастака слова, заснавальніка новай беларускай літаратуры.
Асобны раздзел прысвечаны сувязям Якуба Коласа з польскімі пісьменнікамі. Творчыя кантакты аб’ядноўвалі Якуба Коласа і Уладзіслава Бранеўскага ― вядомага прадстаўніка польскай літаратуры.
Якуб Колас праявіў сябе і як таленавіты перакладчык здольным захаваць пры перакладах асаблівасці стылю пісьменнікаў іншых літаратур. На выстаўцы прадстаўлены верш Адама Міцкевіча “Паніч і дзяўчына” ў перакладзе на беларускую мову Якубам Коласам.
Не засталіся без увагі і ўрыўкі са знакамітай паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” у перакладзе на польскую мову Чэславам Сенюхам з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.





