МІХАСЮ ПАЗНЯКОЎ - 60!
10 лютага 2011 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшоў літаратурны чацвер, прымеркаваны да 60-годдзя са дня нараджэння выдатнага беларускага паэта і празаіка, перакладчыка, мовазнаўцы і публіцыста Міхася Пазнякова.
Міхась Пазнякоў нарадзіўся ў вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна ў сялянскай сям"і. У 1977 скончыў філалагічны факультэт БДУ. Яшчэ ў студэнцкія гады распачаў свой працоўны шлях як рабочы на Мінскім заводзе шасцерняў, пазней настаўнічаў у Бярэзінскім раёне і ў Мінску. Адразу ж па заканчэнні філалагічнага факультэта БДУ Міхаіл Паўлавіч ўступае ў складаны, але і прыцягальны свет навуковых даследаванняў, плёнам якіх сталі не толькі шматлікія навуковыя артыкулы, але і вялікі, грунтоўна падрыхтаваны “Слоўнік беларускай літаратурнай мовы”. Навука, глыбокае вывучэнне законаў мовы не прымусіла Міхася Пазнякова развітацца з трапяткой і летуценнай музай паэзіі – выходзяць адна за другой усё новыя і новыя кніжкі паэта. Нямала Міхаіл Паўлавіч папрацаваў і на высокіх ды адказных пасадах у культурнай сферы нашай рэспублікі – з 1981 па 1984 займаў пасаду дырэктара Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, пазней быў галоўным рэдактарам выдавецтва “Юнацтва”, часопіса “Вожык”, часопіса “Нёман”, намеснікам дырэктара РВУ “Літаратура і Мастацтва”. Вялікая грамадская нагрузка і сёння на плячах паэта: ён – сакратар Праўлення Саюза пісьменнікаў СПБ Беларусі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, член Прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, рэспубліканскіх літаратурных прэмій “Лепшая кніга года”. Лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і прэміі міністра абароны Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры. Узнагароджаны двума медалямі і шматлікімі граматамі.
Упершыню Міхаіл Паўлавіч выступіў у друку ў 1966 годзе з вершам “Мой горад” у газеце “Браслаўская звязда”. Услед за першымі вершамі і навукова-крытычнымі артыкуламі выходзяць творы пісьменніка і асобнымі кніжкамі. Асабліва шмат Міхась Пазнякоў піша для дзяцей, прычым аўтар імкнецца праз паэтычныя творы не толькі забавіць сваіх маленькіх чытачоў, але і прывіць ім пачуццё любові да роднага краю, павагі да старэйшых, шчырасць і дабрыню. Плённа Міхаіл Паўлавіч працуе ў літаратурнай крытыцы і публіцыстыцы, піша рэцэнзіі на новыя кнігі, дае інтэрв"ю. І ўсё ж за такой разнастайнасцю ў творчасці, шматграннасцю таленту ніколі не губляецца грамадская і чалавечая пазіцыя пісьменніка-патрыёта, нястомнага прапагандыста духоўных і маральных каштоўнасцяў.
Пра гэтыя і іншыя рысы творчасці Міхася Пазнякова на святочнай вечарыне гаварылі вядомыя беларускія літаратары – калегі па пяру Міхаіла Паўлавіча: Ул.Гніламёдаў, Я.Каршукоў, Н.Касцючэнка, В.Праўдзін, Н.Галіноўская, С.Давідовіч. Незвычайна эмацыянальным атрымалася выступленне М.Яфімавай, колішняй выкладчыцы ў БДУ Міхаіла Паўлавіча, якая спачатку прачытала цудоўныя дзіцячыя вершы юбіляра, а затым прыгадала, што такім жа непасрэдным і чалавечным, як ў сваіх вершах, быў будучы паэт і ў студэнцкія гады. Сапраўдным музычным упрыгожаннем вечарыны сталі выступленні ўзорнага хора “Радасць” пад кіраўніцтвам Таісіі Церашчук, спявачкі Наталлі Клімовіч, дуэта Івана Раманчука і Барыса Содзінава.
А што ж сам галоўны герой вечарыны, кім ён перад усім лічыць сябе? Паэтам? Мовазнаўцам? Перакладчыкам? Настаўнікам – быў адказ Міхаіла Паўлавіча. І гэта прагучала неяк па-асабліваму ўрачыста ў доме Коласа, у доме настаўніка, які стаў народным паэтам Беларусі.
ўсе навiны