Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Ганна Юр"еўна Міцкевіч (Лёсік)

"Уздыхнула цяжка маці,  аб сынку гадае..."

(верш "Маці") 

                            

Маці Якуба Коласа – Ганна Юр'еўна Міцкевіч (1857 – 1929) – паходзіла з сям'і прыгонных сялянаў Юркі і Хрысціны Лёсікаў з вёскі Мікалаеўшчына, якая належыла з канца XVI ст. князям Радзівілам.

 

Сям'я Лёсікаў мела дзесяць дзяцей: Ганна (будучая маці паэта), Пётра, Міхаіл, Ігнат, Магдалена, Базыль, Антось, Паўлюк, Катарына, Язэп. Як старэйшай з дзяцей Ганне рана давялося спазнаць цяжкую сялянскую працу, дапамагаць бацькам па гаспадарцы, даглядаць малодшых братоў і сясцёр. Яна была непісьменная, але “разумная ад прыроды” (паводле ўспамінаў паэта). Падлеткам толькі адзін раз схадзіла ў школу, але без дазволу бацькоў, за што моцна атрымала, і пазней яна не раз згадвала пра гэты ўчынак. Цяга да ведаў засталася ў яе на ўсё жыццё.

 

У 21 год Ганна Лёсік выйшла замуж за аднавяскоўца Міхаіла Міцкевіча. Каб пракарміць сям'ю, Міхаіл Казіміравіч быў вымушаны ісці на службу ў палясоўшчыкі да князя Радзівіла. 
 
Восенню 1882 года ў засценку Акінчыцы Ганна Юр'еўна нарадзіла трэцяе дзіця – Костуся, будучага песняра Беларусі Якуба Коласа. У наступныя гады яна нарадзіла чацвёра дзяцей – трох дзяўчынак і хлопчыка, але ўсе яны памерлі немаўлятамі. І толькі праз пяць гадоў нарадзілася дачка Міхаліна, а потым і яшчэ пяцёра дзяцей. Клопату ў Ганны Юр'еўны ставала, але была сапраўднай сялянскай жанчынай: працавітай, цярплівай, добрай і фізічна моцнай.
 
Няшмат успамінаў пра маці пакінуў нам паэт, але ўсе яны напоўнены душэўнай цеплынёй, шчымлівымі вобразамі з адценнем коласаўскага гумару.
 
Пасля смерці мужа ў 1902 годзе Ганна Юр'еўна наадрэз адмовілася пераязжаць з дзецьмі (а малодшай Марыі было ўсяго каля двух гадоў) у Смольгава на Случчыну, дзе ўжо з такімі цяжкасцямі была набыта ўласная зямля – запаветная і няздзейсненная мара Міхаіла Казіміравіча. Тут выявіліся яе рашучасць і ўпартасць, уласцівыя роду Лёсікаў.
 
З сынам Костусем Ганна Юр'еўна была непарыўна звязана трывалымі ніцямі. З яе дапамогай ён у дзяцінстве спазнаваў няспешны лад сялянскага жыцця, праз матчыны казкі, прыкметы, паданні, песні перад ім адкрываў свае таямніцы Сусвет. Ганна Юр'еўна падтрымлівала сына ў яго памкненнях да вучобы, адукацыі. Яна верыла ў здольнасці свайго сына, дапамагала раскрыцца яго таленту ў поўную сілу.
 
Клапатлівая матуля перадавала пачастункі семінарысту Костусю ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, чакала сына на летнія вакацыі дадому. А чаго каштавала Ганне Юр'еўне звальненне сына з працы за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе, пільны погляд паліцыі, судовая справа і, нарэшце, пакаранне – турэмнае зняволенне. Пасля выхаду з турмы ў 1911 годзе Костусь прыязжаў у Смольню – апошняе месца жыцця сям'і Міцкевічаў. Тады ж ён пасадзіў на хутары ліпы, якія і сёння ўпрыгожваюць мемарыяльную сядзібу.
 
Першая сусветная вайна на доўгія гады падзяліла Ганну Юр'еўну з яе дзецьмі Алесем, Костусем і Аленай. Дзяржаўныя межы не дазвалялі Якубу Коласу наведаць родныя мясціны.
 
Памерла Ганна Міцкевіч у 1929 г. Пахавалі яе ў жоўты пясочак на могілках Церабяжы, што на ўскрайку вёскі Мікалаеўшчыны. 
 
І толькі ў 1940 г., праз адзінаццаць гадоў пасля яе смерці, Якуб Колас змог прыехаць у родную Мікалаеўшчыну і пакланіцца магілам маці і дзядзькі Антося (Антона Казіміравіча, які памёр у 1918 г.)
 
 
Па матэрыялах артыкула Веры Міцкевіч "Дзіця і маці -- сымбаль вечны..." (часопіс "Роднае слова" 11/2005)

 


© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта