Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Маці

               

Непрыветна цераз вокны
     Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Ўся сямейка
     Сьпіць, адпачывае.

Натрудзіўшы добра рукі,
     Натаміўшы плечы,
Толькі маці зь вераценцам
     Туліцца пры печы

Ды прадзе, прадзе кудзельку.
     Скача вераценца,
А за ім густыя цені
     Бегаюць па сьценцы.

                       *

На камінку гарыць корчык,
     Злотам іскры скачуць.
За ваконцам вецер ходзіць,
     Глуха вербы плачуць.

Зябнуць вербы на марозе,
     Тулячыся к стрэсе.
Сьнегам вецер сыпле ў дзьверы,
     Ходзіць шум па лесе...

I пад гэты шум трывожны
     Думае старая,
А ўсьлед думкам неспакойна
     Вецер падпявае.

                    *

I ўсё ўстала прад вачыма
     Беднае кабеты:
Маладыя дні дзяціны,
     Дзявочыя леты,

Радасьць жыцьця і нягоды,
     Сваркі, трасяніна –
Ўсё, чым жыцьце напаткае
     Ў цяжкую часіну.

Ўсё прыпомнілася беднай, –
     Горка, цяжка стала,
Галаву набок схіліла,
     Прасьці перастала.

                      *

Вось і муж усплыў на думу –
     Рана сьмерць скасіла!
Дробных дзетак ён пакінуў –
     Без пары магіла!

Жыў ён бедна. Спадзяваўся
     Свой прыдбаць куточак,
Хату вывезьці, зямелькі
     Прыкупіць шматочак,

Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
     Жыцьце пад"ярэмна...
Ды ня выйшаў з-пад няволі,
     Біўся век дарэмна!
 
                     *

Гасьне корчык на камінку,
     Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
     Але ня сьпіць маці.

Цягне нітку. Вераценца,
     З рук упаўшы, грукне,
Ды нясьмела, як убогі,
     Ў дзьверы вецер стукне.

Думкі думку падганяюць,
     Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
     Нуднай чарадою.

                   *

Уздыхнула цяжка маці,
     Аб сынку гадае,
Што ў астрозе, ў паняверцы
     Кару адбывае.

I за што? У толк ня возьме
     Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
     Ні парадкаў сьвету.

Вецер вые за вугламі,
     Ў коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
     Матку не заносіць!

Зябнуць вербы на марозе,
     Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
     Думка думку гоніць.
 

© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта