Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч (Каменская)

       

Марыя Дзмірыеўна Міцкевіч [26.01(07.02). 1891 – 21.05.1945] – жонка Якуба Коласа. Нарадзілася ў горадзе Ашмяны Віленскай губерні ў сям"і псаломшчыка ашмянскай Васкрасенскай царквы Дзмітрыя Аляксандравіча Каменскага і Марыі Цімафееўны. У іх было пяць сыноў і дзьве дачкі.


      Дзяўчынкаю Марыя Каменская вучылася ў духоўным вучылішчы, потым працавала настаўніцай чыгуначнай школы ў Вільні, пасля – у Пінску. Там у 1912 г. пазнаёмілася з настаўнікам Канстанцінам Міхайлавічам Міцкевічам (Якубам Коласам). Праз год, 3 (16) чэрвеня 1913г., яны пабраліся шлюбам у Пінску. Марыя Дзмітрыеўна нарадзіла і выгадавала трох сыноў: Данілу (1914, г. Пінск – 1916), Юрыя (1917, г. Перм – 1941?), Міхаіла (нарадзіўся ў 1926 г. у Менску). Падчас першай сусветнай вайны сям"я Якуба Коласа апынулася ў бежанцах (г. Старыкаў у Падмаскоўі, г. Перм, г. Абаянь Курскай губерні). У Падмаскоўі і на Куршчыне Марыя Дзмітрыеўна працягвала працаваць настаўніцай. Пасля пераезду ў 1921 годзе ў Менск яна – хатняя гаспадыня. 
            Марыя Дзмітрыеўна была першым чытачом, слухачом, крытыкам твораў свайго мужа. Яна ведала шмат беларускіх народных песняў, напрыклад часта спявала “Ой, зацвіла ружа, белы цвет”, “З гары па даліне галубы ляталі”.
        У гады Вялікай Айчыннай вайны (Клязьма – Ташкент – Клязьма – Масква) Марыя Дзмітрыеўна часта хварэла, у канцы 1944 г. стан яе здароўя пагоршыўся. З пачатку 1945 года яна амаль увесь час знаходзілася ў маскоўскіх шпіталях, дзе і памерла 21 мая 1945 года. Труну з целам нябожчыцы самалётам перавезлі ў Мінск і 24 мая пахавалі на Вайсковых могілках.
          Яшчэ ў красавіку 1945 г. Якуб Колас пасадзіў бярозку – Марыю Дзмітрыеўну – каля дома ў садзе. А ў 1949 г. ленінградскімі каменярэзамі быў зроблены надмагільны помнік з белага мармуру. Барэльеф нябожчыцы зрабіў скульптар Заір Азгур.
       Якуб Колас прысвяціў жонцы цыкл вершаў (былі напісаны яшчэ да вяселля, не захаваліся, апрача верша “Дзяўчыне”), а таксама вершы 1940-х гг.: “Майму другу”, “М.Д.М.” (1942, 1943, 1946), “На пералётах”, “Маёй Марусі”, “На ростанях”, “Ці дома я, ці я ў паходзе…”, “У родных мясцінах”, лірычныя адступленні ў пэме “Рыбакова хата”. М. Дз. Міцкевіч – прататып Ірыны Данілаўны ў апавяданні Коласа “Туды, на Нёман!”, жонкі дацента – “У двары пана Тарбецкага”.
           У фондах музея Якуба Коласа захоўваецца графічны партрэт М. Дз. Міцкевіч работы Лазара Рана (афорт, 1972) і  яе скульптурны партрэт работы Заіра Азгура (гіпс, 1991).
 
 
Па матэрыялах артыкула Веры Міцкевіч "...Табой я жыў, табой жыву" (часопіс "Роднае слова" 1/2000)
 

 


© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта