Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



“Усё сваю дарогу мае” Літаратурна-музычная вечарына да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа


 

1 верасня а 16-й гадзіне  ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца літаратурна-музычная вечарына да 110-годдзя пачатку творчай дзейнасці народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Творчасць народнага паэта складае цэлую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры. Яго па праву лічаць заснавальнікам нацыянальнай прозы, яго пяру належаць і нашы паэтычныя шэдэўры – паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, у разрад нацыянальнай класікі ўвайшлі вершы Коласа. Жыццё і творчасць гэтага чалавека сталі значным укладам у беларускую культуру. Заслуга Якуба Коласа як нацыянальнага паэта ў тым, што ён адкрыў для развітых літаратур свету беларускае слова, апеў беларускі народ. Мастацкая вартасць твораў Якуба Коласа пацвярджаецца на працягу стагоддзя ўсё новымі пакаленнямі чытачоў.

Літаратурны дэбют Канстанціна Міцкевіча адбыўся 1 верасня 1906 года – у газеце “Наша доля” быў надрукаваны верш “Наш родны край” пад псеўданімам Якуб Колас. Сам паэт успамінаў:  “Выхад у свет беларускай газеты быў найвялікшай падзеяй у маім жыцці». 15 верасня 1906 г. у “Нашай долі” пад псеўданімам Дзядзька Карусь было змешчана апавяданне “Слабода” пра самавольства царскай паліцыі — першы надрукаваны празаічны твор пісьменніка. У той жа час ён пачынае актыўна супрацоўнічаць у якасці аўтара з віленскай беларускамоўнай газетай “Наша ніва”. У творчасці Якуба Коласа гэтага перыяду з'яўляюцца новыя формы, ён выходзіць на больш высокі ўзровень літаратурнай працы — пачынае пісаць алегарычныя апавяданні “Казкі жыцця”, дзе па-філасофску асэнсоўвае рэчаіснасць. 

З нагоды творчага юбілею пісьменніка з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа падрыхтавана выстаўка, на якой будуць прадстаўлены выданні газеты “Наша Ніва” 1906 – 1910 гг, раннія рукапісы і фотаздымкі Якуба Коласа.

У мерапрыемстве прымуць удзел беларускія паэты і пісьменнікі, як ужо вядомыя чытачу, так і тыя, хто толькі пачынае свой шлях на Парнас, а таксама навукоўцы, мастакі, музыкі і акцёры, якія сваю дзейнасць звязваюць з імем класіка беларускай літаратуры.

 



ўсе навiны


© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта