Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Дзень памяці Якуба Коласа


 

 60 гадоў таму, 13 жніўня 1956 года, пайшоў з жыцця слынны майстар мастацкага слова, народны паэт Беларусі Якуб Колас. Талент беларускага песняра  выключны і фенаменальны,  і таму непадуладны ніякаму спасціжэнню розумам, а вось адданасць пісьменніка свайму народу і Бацькаўшчыне зусім рэальная, выяўленая ў канкрэтных зямных справах. Якуб Колас быў для беларусаў усім: народным песняром і геніем сусветнага маштабу, гордасцю нацыі і найвышэйшым аўтарытэтам.

 

 У дзень пахавання на развітанне з Якубам Коласам на сталічную Цэнтральную плошчу (сёння – Кастрычніцкая) прыйшлі дзесяткі тысяч чалавек. Жалобная працэсія рухалася ад плошчы да вуліцы Даўгабродскай, на Вайсковыя могілкі, дзе было вызначана месца апошняга спачыну народнага паэта Беларусі.

За некалькі месяцаў да сваёй смерці Канстанцін Міхайлавіч напісаў свой знакаміты “Ліст  аб стане беларускай мовы і далейшым развіцці культуры ў рэспубліцы”, аднак, на жаль, зварот Якуба Коласа на дзесяцігоддзі апынуўся пад грыфам “Совершенно секретно”. Тое, што хвалявала беларускага песняра, так і засталося “надасяжнаю мараю, непраўдзівым сном”. І сёння гэты запавет класіка гучыць злабадзённа і актуальна, як і ў той далёкі час напісання: “Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў…”.  

12 жніўня, у дзень памяці паэта, музей Якуба Коласа запрашае на міні-экскурсію “Спяшаецца сэрца адстукаць свой пай…”, дзякуючы якой можна “перанесціся” ў апошні дзень жыцця народнага паэта, пачуць гукі, якія суправаджалі пісьменніка за некалькі гадзін да смерці, а таксама ўбачыць унікальныя кадры дакументальнай кінахронікі з пахавання Якуба Коласа. Урачыстай хвілінай маўчання ў 13.20 (менавіта ў гэты час спынілася сэрца паэта) распачнецца грамадска-культурная акцыя “Чытаем па-беларуску разам”, удзел у якой прымуць вядомыя беларускія грамадскія дзеячы, пісьменнікі, навукоўцы, музыкі, мастакі,  тэле- і радыё-вядучыя.  У знак памяці народнага паэта, які так клапаціўся пра стан роднай мовы, удзельнікі акцыі прачытаюць любімыя радкі з твораў беларускіх пісьменнікаў і вершы-прысвячэнні Якубу Коласу.

У 15.00 прадоўжыць урачыстасці памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Песняра на Вайсковых могілках г. Мінска.

                                                                       

ПРАГРАМА

Дня памяці Якуба Коласа

 

 

Музей Якуба Коласа

13. 00 – “Спяшаецца сэрца адстукаць свой пай…”. Міні- экскурсія ў апошні дзень жыцця Якуба Коласа

13.20 – Хвіліна памяці Якуба Коласа

13.25 – Грамадска-культурная акцыя “Чытаем па-беларуску разам”

 

 Вайсковыя могілкі

15. 00 - Памінальны мітынг і ўскладанне кветак да помніка Песняра

  

 



ўсе навiны


© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта