Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Міжнародная акцыя “Музейная ноч-2016” “СВЯТЛО Ў АКНЕ”


 

 

 

21 мая 2016 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа далучаецца да міжнароднай акцыі “Музейная ноч” з захапляючай праграмай “Святло ў акне”. 
 
 
 

Музей Якуба Коласа ўжо не першы год разам з іншымі музеямі краіны далучаецца да міжнароднай акцыі “Музейная ноч”. Праект, які нарадзіўся ў 2002 годзе, уяўляе сабой тэматычную дынамічную начную праграму, якая ўключае ў сябе не толькі традыцыйныя формы музейнай дзейнасці – выстаўкі, вернісажы, але і музычныя канцэрты, відэапаказы, арт-шоу і перфомансы.
Міжнародная акцыя “Музейная ноч” праводзіцца ў музеі Якуба Коласа пад сімвалічнай назвай “Святло ў акне”. Пры жыцці Якуба Коласа дзверы яго дома заўсёды былі гасцінна расчынены для ўсіх добрых людзей. А калі на зямлю апускалася ноч і на мінскіх вуліцах панаваў змрок, у акне кабінета загаралася святло. Гараджане ведалі, што наступаў самы адказны час для Творцы, і больш яго не турбавалі.
Святло ў акне паэта магнетычна прыцягвае і нас, далёкіх нашчадкаў знакамітага класіка. На жаль, загараецца яно толькі раз у год – у загадкавую музейную ноч.
Тэма гэтага года – «Падарожжы» ў шырокім сэнсе гэтага слова: падарожжа ў прасторы, часе, падарожжа ў свет літаратуры, у свет музыкі, у свет мастацтва.
Тэма падарожжаў была абрана невыпадкова. Музей Якуба Коласа тым самым прэзентуе новую стацыянарную выстаўку “У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Якуба Коласа”, якая размясцілася ў адным з гаражоў народнага паэта на сядзібе музея. Песняру давялося шмат  дзе пабываць. Воляю лёсу ён пражыў некалькі год на Куршчыне, тры гады ў Ташкенце, ездзіў ў Парыж, даволі часта бываў у Маскве і Вільні. Але дзе б не быў пісьменнік, яго заўсёды цягнула на родную зямлю. “Цяжка жыць у разлуцы са сваёю зямлёю…”, – пісаў Якуб Колас у адным з лістоў.
“Музейная ноч – 2016” у Доме Коласа – гэта:
* магчымасць пагартаць старонкі дзённіка жыцця народнага паэта, прыпыніўшыся на больш знакавых падзеях;
* паэтычнае падарожжа ў тры розныя эпохі – язычніцтва, Сярэднявечча, Сярэбраны век;
* добрая музыка ў добрай кампаніі на свежым паветры;
* сюрпрызы і падарункі.


ПРАГРАМА
літаратурна-музычнага свята 
да Міжнароднага дня музеяў
СВЯТЛО Ў АКНЕ

21 мая  2016

Час правядзення: 12.00 – 00.00
Месца правядзення: музей, сядзіба (вул. Акадэмічная, 5)
Дэвіз свята: “Наперад, вандроўнік!”

Кошт уваходнага білета – 80.000


13.00 – 15.00 
КВЭСТ- гульня “Мінскія адрасы Якуба Коласа” 
ПАПЯРЭДНІ ЗАПІС АБАВЯЗКОВЫ!
Удзельнікам квэста прапануецца зірнуць на горад вачамі Якуба Коласа. Падчас прагулкі ўдзельнікі даведаюцца, якім быў горад пры жыцці пісьменніка, якія месцы ў Мінску звязаны з яго жыццём і апісаны ў яго творах. Гульцы дзеляцца на каманды. Кожная каманда атрымлівае падказку, як дабрацца да наступнага аб'екта, дзе схаваная наступная падказка. І гэтак далей, да апошняй кропкі. Падчас квэста каманды выконваюць шэраг заданняў: разгадваюць галаваломкі, спаборнічаюць у фотапаляванні.
Пераможцам квэста – памятныя сувеніры  і бясплатны ўваход на музейныя мерапрыемствы ў межах акцыі “Ноч музеяў – 2016” у падарунак.

Мерапрыемствы на музейнай сядзібе:

Музейная акцыя “Travel - фотасушка”
«Фотасушка» – выстаўка фотаздымкаў, у якой прыняць удзел могуць усе жадаючыя: ад прафесійных фатографаў да пачаткоўцаў і аматараў, любога ўзросту і светапогляду. Галоўнае - гэта любоў да фатаграфіі і падарожжаў. Кожны прыходзіць на «Фотасушку» са сваімі ідэямі фотаздымкамі. На адваротным баку аўтар можа напісаць свае пажаданні, каардынаты ў якасці рэкламы або любы тэкст. Усе выстаўленыя фатаграфіі, ацэньваюцца журы і наведвальнікамі «Фотасушкі». Аўтары лепшых фота ўзнагароджваюцца прызамі, а пасля фатаграфіі можна абмяняць альбо проста забраць.
Кожнаму ўдзельніку акцыі – зніжка на ўваходны білет!

Міні-выстаўка рэтра-аўтамабіляў 50-ых гг.
Рарытэтны аўтамабіль - гэта запал, прадмет калекцыявання, захаплення! Гэта хутчэй раскоша, а не сродак перамяшчэння! На сядзібе музея будуць экспанавацца аўтамабілі “ВОЛГА 21” і “Масквіч 403” з прыватнай калекцыі Паўла Кароткага.

Выстаўка “У хвалях няспыннага руху: аўтамабільнымі шляхамі Коласа” ў адным з гаражоў пісьменніка.
Экспазіцыя знаёміць з паўсядзённым жыццём і асобнымі знакавымі падзеямі ў жыцці Якуба Коласа ў перыяд 1936 – 1956 гг. праз прызму службовых  і ўласных аўтамабіляў пісьменніка.

Выстаўка-продаж сувенірнай прадукцыі ад Symbal.by



16.30 - 17.00 – Паэтычная пляцоўка “Героі Коласавых твораў”
Свята для дзяцей “Вось што дзеткі, мае краскі…” 
да 90-годдзя верша Якуба Коласа “Савось-распуснік” 


17. 00 – 17.15
Урачыстае адкрыццё міжнароднай акцыі “Музейная ноч – 2016”

 17.20 – 19.00
Паэтычна-музычная праграма “Вершаваны дух часу” – паэтычнае падарожжа ў язычніцкія часы, эпоху Сярэднявечча і эпоху Сярэбранага веку 
Нашая гісторыя – гэта гісторыя ўспаміну. Паэзія – наш спосаб пераасэнсавання і пераадчування мінулага. Язычніцкія часы, эпоха Сярэднявечча, Сярэбны век – кожная эпоха будзе апаэтызавана адной з паэтак. І няхай вершаванае слова абудзіць Дух часу, заснулы пад зямлёю нашага забыцця.
Кацярына Массэ, 
Маргарыта Латышкевіч, 
Ганна Мартынчык


19.00 – 23.00 
OPEN-AIR у дзядзькі Якуба – музычнае падарожжа

19.00 – 19.30
Ілля Фаляжынскі
Паліна Красноўская

19.30 – 20.30
Markuts Band

20.30 – 21.30-RECHA

21.30 – 23.00-Re1ikt

Мерапрыемствы ў музеі Якуба Коласа (ІІ паверх)

17.00 – 23.00
Выстаўка старадрукаў з асабістай бібліятэкі Якуба Коласа
“Беларускі архіў старажытных грамат” (Масква, 1829г.)
“Наука стихотворства» (Санкт-Петербург, 1811)


17.00 – 18.00 – майстар-клас па вырабе паштовак у тэхніцы “квілінг”

17. 30 – 18.00 Вялікая гасцёўня
Канцэрт “Шэдэўры еўрапейскага барока” ансамбля “Камерныя салісты Мінска”

18.00 – 19.00
Публічная лекцыя
“Лайфхакі ў падарожжы” ад Сержука Місюкевіча

18.00 – 19.00
Выстаўка на адну гадзіну канвалюта з асабістай бібліятэкі Якуба Коласа
Канвалюты – зборнікі, уключаныя ў агульны пераплёт па жаданні ўладальніка бібліятэкі з прычыны агульнай тэматыкі альбо для маскіроўкі забароненых выданняў

19.00 – 21.00
Гульнятэка
Кожны жадаючы зможа згуляць ў беларускамоўныя настолкі: “Разам”, “1514”, “Казачнік”


19.00 – 20.00 
Толькі на працягу адной гадзіны ў кожнага наведвальніка будзе ўнікальная магчымасць запісаць запаветнае жаданне за сталом Якуба Коласа чарніламі і пяром паэта


23.00 – 00.00
“Кватэрнік у дзядзькі Якуба”
Выступленне гурта HURMA
Склад:
Мікіта Найдзёнаў – вакал, гітара
Яўген Кунічкін – гітара
Макс Ганця –  бас
 
 


ўсе навiны


© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта