Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



“Тэатральная каласіяна: парад герояў”


 

25 сакавіка а 17-й гадзіне  ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца вечар да Міжнароднага дня тэатра “Тэатральная каласіяна: парад герояў”.
Якуб Колас – прызнаны класік беларускай літаратуры. Найперш ён вядомы чытачу як празаік і паэт, але і да тэатральнай культуры народны паэт меў самае непасрэднае дачыненне. Наватарства коласаўскай драматургіі, яе актуальнасць, сапраўдная народнасць, шматграннасць характараў герояў, багатая і каларытная мова – усё гэта прыцягвае ўвагу прафесійных і аматарскіх тэатральных калектываў. Беларускія тэатры неаднаразова звярталіся да драматургіі Якуба Коласа.
Па матывах аповесці “Дрыгва” Якуб Колас напісаў п"есу “У пушчах Палесся”, якая была пастаўлена БДТ-2 у 1939 годзе, а на сцэне  Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі кампазітар А. Багатыроў стварыў аднайменную оперу. Паводле трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” А. Звонак напісаў драму “Навальніца будзе”, на аснове якой у    1958 г. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску стварыў маштабны сцэнічны твор, а ў 1976 г. гэты ж тэатр паставіў паэтычны спектакль “Сымон-музыка”. У 2005 г. да драматычнай паэмы “Сымон-музыка” звярнуўся Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Драматычны тэатр імя Якуба Коласа паводле творчай біяграфіі народнага паэта ў 2000 г. паставіў спектакль “Зямля”. Кампазітар Ю. Семяняка стварыў оперу “Новая зямля” (пастаўлена Дзяржаўным тэатрам оперы і балета Беларусі ў 1980 г.). Мары братоў Міхала і Антося аб “новай зямлі” ўвасобіліся ў спектаклі Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача ў пастаноўцы “Міхалава зямля”.

У парадзе коласаўскіх герояў прымуць удзел акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску – сапраўднага захавальніка тэатральных традыцый Беларусі, які ў 2016 годзе адзначае свой 90-гадовы юбілей.  У Коласаў дом на вечар завітаюць народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс,  рэжысёр-пастаноўшчык тэатра Міхаіл Краснабаеў, асістэнт рэжысёра тэатра Святлана Дашкевіч, а таксама  заслужаны артыст Беларусі Валянцін Салаўёў, які таксама працаваў ў Віцебскім тэатры, а зараз акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. У выкананні артыстаў будуць прадстаўлены ўрыўкі  са спектакляў па творах класіка беларускай літаратуры. Паэма “Новая зямля” загучыць з вуснаў акцёраў тэатра юнага гледача – Мікалая Леончыка і Івана Шрубейкі. Спецыяльнымі гасцямі імпрэзы стануць дырэктар, мастацкі кіраўнік Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч”  Галіна Дзягілева і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Алесь Кашпераў.                                                                                                                                                                                                                                                      САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

 


ўсе навiны


© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта