Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Вясёлы Пушкін


 

24 сакавіка а 16-й гадзіне  ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца адкрыццё выстаўкі работ пецярбургскага мастака Ігара Шаймарданава са збораў Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка         А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае” (Пушкінскі Запаведнік) “Вясёлы Пушкін”. Выстаўка арганізавана ў рамках заключанага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа і Дзяржаўным мемарыяльным гісторыка-літаратурным і прыродна-ландшафтным музеем-запаведнікам А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае” (Пушкінскі Запаведнік) аб правядзенні сумесных выставачных і культурна-адукацыйных праектаў.

Якуб Колас рана, яшчэ ў маленстве, выявіў свае асаблівыя стасункі з рускай класікай: «Я хорошо помню: в детские годы в моей пастушеской сумке лежал небольшой, изрядно потрёпанный томик пушкинской поэзии. К тому времени я уже кое-как научился читать, и чтение стало моей страстью. Я мог прочесть наизусть от начала до конца «Полтаву», «Братьев-разбойников», «Цыган» и много лирических стихотворений». Так пачаўся шлях да А.С. Пушкіна самога Якуба Коласа, а у хуткім часе голас А. С. Пушкіна загучаў па-беларуску дзякуючы таленту беларускага класіка – у 1937 г. Якуб Колас пераклаў знакамітую паэму “Палтава”.
Выстаўка «Вясёлы Пушкін” – вынік шматгадовага супрацоўніцтва найстарэйшага музея-запаведніка Расіі – Пушкінскага запаведніка – і мастака Ігара Дзмітрыевіча Шаймарданова. У 1999-м годзе, працуючы над спектаклям да 200-гадовага юбілею А. С. Пушкіна, мастак вырашыў паказаць паэта такім, якім ён быў у паўсядзённым жыцці, вызваліць яго вобраз ад клішэ і стэрэатыпаў, зрабіўшы жывым і вясёлым. Паводле задумы аўтара, выстаўка ўяўляе сабой маленькую выдуманую навэлу з жыцця Пушкіна. Гэта прыдуманыя, ці амаль праўдзівыя гісторыі з дзвюх зім і двух гадоў, праведзеных                А. С. Пушкіным у Міхайлаўскай ссылцы, калі ён наведваў Трыгорскае, Бугроўскі млын і Святагорскі кірмаш. 
Ігар Дзмітрыевіч Шаймарданаў скончыў Нефцекамскую мастацкую школу, Йошкар-Алінскае мастацкае вучылішча, Санкт-Пецярбургскую Акадэмію тэатральнага мастацтва. З 1995 году працуе як тэатральны мастак. Член Саюза мастакоў Расіі і Саюза тэатральных дзеячаў Расіі. У 2008 і 2009 гг. быў галоўным мастаком Усерасійскага Пушкінскага свята паэзіі ў с. Міхайлаўскім. Яго працы захоўваюцца ў Пушкінскім запаведніку, Дзяржаўным музеі А. С. Пушкіна (Масква), Усерасійскім музеі А. С. Пушкіна (Санкт-Пецярбург), Музеі-кватэры У. Набокава (Санкт-Пецярбург), Пскоўскай карціннай галерэі, прыватных калекцыях.
За даволі кароткі прамежак часу выстаўка «Вясёлы Пушкін» экспаніравалася як у Расійскай Федэрацыі, так і за яе межамі, у рамках праграмы замежнага супрацоўніцтва Пушкінскага запаведніка (Эстонія, Фінляндыя, Чэхія) і заўсёды карысталася вялікім поспехам у наведвальнікаў. 
Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі прымуць удзел госці з  Дзяржаўнага мемарыяльнага гісторыка-літаратурнага і прыродна-ландшафтнага музея-запаведніка А. С. Пушкіна “Міхайлаўскае”, беларускія літаратары і мастакі. Музычным аздабленнем вечара стануць рамансы на словы А. С. Пушкіна ў выкананні студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
 


ўсе навiны


© 2009-2015 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта