Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа: "Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..." |
“Якуб Колас і рускія пісьменнікі” Урачыстае адкрыццё выстаўкі
Ужо даўно заўважана, што ніводны вялікі паэтычны талент не можа паўнавартасна развівацца ў культурным вакууме. Заўсёды станаўленню паэта спадарожнічае паглыбленае вывучэнне і ўдумлівае стаўленне да культурнай спадчыны свайго народа, захапленне творчасцю паэтаў-класікаў. Не выключэннем у гэтым сэнсе быў і Якуб Колас. Яшчэ з ранняга дзяцінства пісьменнік быў захоплены творамі рускіх літаратурных карыфеяў: Крылова, Пушкіна, Лермантава, Жукоўскага, Некрасова, Гогаля, Талстога. Аднак першае месца ў гэтым ганаровым шэрагу заняў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. "Я добра памятаю: у дзіцячыя гады ў маёй пастухоўскай торбе ляжаў невялікі, ладна патрапаны томік пушкінскай паэзіі. Да таго часу я ўжо сяк-так навучыўся чытаць, і чытанне стала маім запалам. Я мог прачытаць на памяць ад пачатку да канца "Палтаву", "Братоў-разбойнікаў", "Цыган" і шмат лірычных вершаў", - прызнаецца пазней Якуб Колас. Пісьменнік нават сцвярджаў, што, калі б не пушкінскія "Евгений Онегин", "Медный всадник", "Капитанская дочка", магчыма, не здарылася б і яго паэм "Новая зямля", "Рыбакова хата", лірыкі і прозы. Пазней, ужо ў перыяд творчага росквіту, Якуб Колас агучыў свайго любімага паэта на беларускай мове: у 1937 г. была перакладзена знакамітая паэма "Палтава". Сярод твораў беларускага Песняра ёсць вершы, адрасаваныя Расіі, расійскай сталіцы, пераклады рускай класікі. Творчасць самога Коласа таксама перакладалася на рускую мову. Марыя Камісарава, Мікалай Браўн, Барыс Ірынін, Пётр Сямынін, Яўген Мазалькоў не толькі перадалі сэнс творчай спадчыны паэта, але і стварылі новыя паэтычныя творы. Цёплыя, сяброўскія ўзаемаадносіны падтрымліваў беларускі паэт са шматлікімі расійскімі літаратарамі, сярод якіх С. Гарадзецкі (першы перакладчык на рускую мову “Новай зямлі”), С. Міхалкоў, А. Твардоўскі, А. Фадзеяў, К. Сіманаў і інш. Гэта сяброўства шмат у чым узбагачала пісьменніка. З іншага боку, ад непасрэдных кантактаў з песняром і яго творамі ў чымсьці багацейшымі станавіліся і яго сябры. Выстаўка “Якуб Колас і рускія пісьменнікі” дае магчымасць не толькі паглядзець вачыма беларускага Песняра на веліч літаратурнага таленту А. Пушкіна, М. Лермантава, Ф. Дастаеўскага, але і зірнуць скрозь прызму рускіх класікаў на творчасць народнага паэта Беларусі. Выстаўка з'яўляецца яшчэ адным крокам да збліжэння і ўмацавання беларуска-расійскіх літаратурных і культурных сувязяў. Кнігі з дарчымі надпісамі Якубу Коласу, яго шырокая перапіска з сябрамі і калегамі акунуць наведвальнікаў у часы савецкіх беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў 50-х гадоў ХХ стагоддзя, прадэманструюць сведчанні сапраўды ўзаемапаважлівага сяброўства паміж усходнеславянскімі народамі, яскравым прыкладам і падзвіжнікам якога з'яўляецца вялікі Песняр беларускага народа Якуб Колас. САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
Адрас музея: г.Калінінград, вул.Клінічная, 21 ўсе навiны ![]() |
||
|
|
|||
|
||||||||





Карта сайта