Творчыя сем'і ў Доме Коласа
“Гэта ўсё для цябе”
26 верасня а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць літаратурную сустрэчу "Гэта ўсё для цябе" з цыкла "Творчыя сем'і ў Доме Коласа". Гэтым разам перад гасцямі Коласавага дома выступіць вядомы беларускі паэт і журналіст Навум Гальпяровіч.
Навум Гальпяровіч добра вядомы як беларускаму чытачу, так і слухачу не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Што і не дзіўна – Навум Якаўлевіч працуе галоўным дырэктарам замежнага вяшчання Беларускага радыё, а таксама з'яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў "Сцяжына", "Брама", "Востраў душы", "Струна", "Святло ў акне", "Гэта ўсё для цябе", "Голас і рэха", кнігі прозы "Шляхі і вяртанні". Шмат выступае ў друку з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі. Многія вершы Навума Гальпяровіча былі пакладзены на музыку. Асобныя творы перакладзены на рускую, балгарскую, румынскую і польскую мовы.
У мерапрыемстве прымуць удзел дачка і сын Навума Якаўлевіча – Вольга і Максім.
Максім Гальпяровіч – гісторык, аўтар шматлікіх навуковых артыкулаў па гісторыі Беларусі, галоўны рэдактар "Беларускага гістарычнага часопіса".
Вольга Гальпяровіч – вядомая беларуская радыёжурналістка, якая шмат гадоў плённа працавала на Беларускім радыё і на канале "Культура". Зараз працуе журналісткай на Міжнародным радыё Кітая.
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
ўсе навiны