"Нясу пачуццяў многа":
выстаўка да 100-годдзя першага паэтычнага зборніка Якуба Коласа "Песні жальбы"
Вялікае шчасце для кожнага майстра слова – выдаць сваю першую кнігу, пабачыць сваё слова на друкаваных старонках, перадаць яго тысячам іншых людзей. А для пісьменніка таленавітага, здольнага (не кажучы ўжо пра геніяльнага) першая кніга – гэта толькі пачатак вялікага шляху. Як і кожны першы крок, першая кніга заўжды адметна, яна застаецца ў памяці назаўсёды.
“Дудка беларуская“, “Жалейка“, “Вянок“... Сваё пачэснае месца сярод гэтых перлаў беларускага слова займае і першая кніга Якуба Коласа – “Песні жальбы”, выдадзеная 100 гадоў таму назад, у далёкім 1910 годзе. Так было вырашна лёсам, што сам аўтар не мог назіраць за нараджэннем свайго зборніка. Ён знаходзіўся ў мінскай турме, за астрожнымі кратамі. Нездарма адзін з раздзелаў кнігі так і называўся “З турмы”:
Цесна мне тут, горка мне,
Просіць сэрца волі;
Плачуць думкі па вясне,
Хочуць лепшай долі...
“Песні жальбы” былі сапраўдным падарункам зняволенаму песняру. Падарункам, які зрабілі яму сябры і паплечнікі, згуртаваныя славутай газетай “Наша ніва”. Зборнік стаў адметнай з'явай у літаратурным жыцці, быў цёпла сустрэты крытыкамі і чытачамі. Максім Багдановіч у вядомым артыкуле “Агляд беларускай краснай пісьменнасці 1910 года” асобна спыняецца на разглядзе кнігі і адзначае, што "цэльнай выглядае яна па светапогляду, моцна зросшыміся адзін з адным здаюцца яе вершы". Высокую ацэнку атрымліваюць творы Коласа, у якіх паэт выказвае любоў да Бацькаўшчыны. Матэрыялы пра аўтара зборніка "Песні жальбы" з'явіліся не толькі ў беларускім, але і ў рускім, украінскім, польcкім і чэшскім друку. Тут варта прыгадаць славутае выказванне Максіма Горкага пра "цікавых хлопцаў" з Беларусі — Якуба Коласа і Янку Купалу, што "проста пішуць, так ласкава, сумна, шчыра..."
Першы зборнік вершаў Якуба Коласа стаў адной з вяршынь паэзіі нашаніўскага перыяда. Не толькі песні жальбы складае свайму люду Якуб Колас. Ёсць тут творы з аптымістычнай нотай веры ў паляпшэнне жыцця і нават з заклікам паўстаць за перайначанне існуючых парадкаў.
Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?
Ці ж нам сілы бог не даў?
Ці ж над нашым родным краем
Промень волі не блішчаў?
Да слаўнай гадавіны 100-годдзя з дня выхаду першага паэтычнага зборніка “Песні жальбы“ Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа 23 верасня 2010 года а 16 гадзіне адкрывае выстаўку, прысвечаную нашаніўскаму перыяду ў жыцці Песняра. Галоўнай тэмай выстаўкі, зразумела, стане сам зборнік “Песні жальбы“, як з'ява ў культурным жыцці свайго часу. На выстаўцы будуць таксама прадстаўлены кнігі віленскіх выдавецтваў тых гадоў (М. Багдановіч, Янка Купала, М. Гарэцкі, Ядвігін Ш. і інш.) Упрыгожваннем выставы стануць графічныя работы Анатоля Александровіча і Міколы Купавы.
На вечарыне з нагоды адкрыцця выстаўкі будуць гучаць вершы Якуба Коласа, народная музыка. Гасцей імпрэзы прывітаюць малодшы сын песняра Міхась Міцкевіч, беларускі паэт Віктар Гардзей, навуковыя супрацоўнікі Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы поўнага Збору твораў беларускага класіка ў 20-ці тамах.
ўсе навiны