|
|
Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:
|
Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч
|

|
Ты не тужы – мінецца восень,
Імжа расьсеецца, як дым,
І усьміхнецца неба просінь
У ясным сонцы веснавым.
Зноў зацьвітуць лугі, даліны,
І атрасуць свой сон лясы
І ў гоман радасны птушыны
Свае далучаць галасы.
Якуб Колас
(верш "Не тужы", 1939)
|
|
Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч (Міхаіл; нар. 31.01.1926, Мінск) – малодшы сын Якуба Коласа. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны закончыў восем класаў СШ №49 г.Мінска (I-VII класы вучыўся ў СШ №14 г.Мінска), у 1943 г. – дзесяцігодку ў Ташкенце з атэстатам выдатніка. Паступіў у Варонежскі авіяцыйны інстытут на машынабудаўнічы факультэт (інстытут знаходзіўся ў Ташкенце ў час эвакуацыі); у тым самым годзе перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут на аналагічны факультэт. У 1947 г. пераехаў у Мінск (тут жыве і дагэтуль). Закончыў Беларускі політэхнічны інстытут (1949, цяпер – БНТУ) па спецыяльнасці тэхналогія машынабудавання. З 1949 г. працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук РБ, дзе займаў пасады малодшага навуковага супрацоўніка (1949-1961), галоўнага інжынера лабараторыі (1961-1968), в. а. загадчыка лабараторыі (1969-1993). З 1993 г. – галоўны навуковы супрацоўнік. Доктар тэхнічных навук (1985). Падрыхтаваў больш за 150 навуковых прац, аўтар звыш 20 вынаходніцтваў. За распрацоўкі ў галіне тэхналогіі і абсталявання для электраэразійнай апрацоўкі металаў угаранаваны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1980). Мае званне “майстар спорту”, браў удзел і быў прызёрам першай спартакіяды народаў СССР (1956) у спаборніцтвах па стэндавай стральбе. Захапленні – паляванне, фатаграфія, складанне эпіграм. Міхась Канстанцінавіч стаў прататыпам галоўнага героя дзіцячай паэмы Якуба Коласа “Міхасёвы прыгоды” (1934). Малодшаму сыну паэт прысвяціў таксама вершы: “Рагатка” (1934), “Дронік” (1935-1936), “Не тужы” (1939), “Сыну” (1942), “Міхасю” (1943), “…Адстану я, і час разлукі” (1946).
Наталля Іванаўна Міцкевіч (у дзявоцтве – Фёдарава; 27.07.1924 – 22.02.2012, Мінск) – нявестка Якуба Коласа, жонка Міхася Канстанцінавіча з 1946г., дачка Янкі Маўра. Закончыла сярэднюю школу ў Алма-Аце ў 1942 г. і паступіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, які знаходзіўся там у эвакуацыі. У 1943 г. (услед за інстытутам) пераехала вучыцца ў Маскву. У 1947 г. вярнулася з мужам у Мінск і перавялася ў Беларускі палітэхнічны інстытут, які закончыла ў 1949 г. па спецыяльнасці тэхналогія машынабудавання. З 1949 да 1952 г. – аспірантка БПІ. Кандыдат тэхнічных навук (1953). У 1954-1984 гг. працавала ў БПІ дацэнтам на кафедры тэорыі механізмаў і машын.
|
Па матэрыялах часопіса "Роднае слова" (8/2001)

|
|