Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Аб мове роднай замоўлю слова я… літаратурны вечар, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы


 20 лютага 2015 года а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на літаратурную імпрэзу “Аб мове роднай замоўлю слова я…”, прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы.

Народны паэт Беларусі Якуб Колас у свой час пісаў: “Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Па-гэтаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць творы беларускай літаратуры”.

Сам пісьменнік усё свядомае жыццё аддаў працы на глебе айчыннай культуры. За некалькі месяцаў да смерці Якуб Колас напісаў свой знакаміты ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы, радкі якога і па сённяшні дзень застаюцца актуальнымі: “Найвялікшым духоўным багаццем народа з"яўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народа, яго працоўнае жыццё, яго барацьба, яго смутак і радасць, яго прырода, яго любоў і гнеў”.

Паразважаць аб стане беларускай мовы, аб перспектывах яе развіцця, аб ролі і значэнні мовы ў жыцці народа, а таксама падзяліцца сваімі ўласнымі творамі запрошаны вядомыя беларускія паэты Віктар Шніп, Мікола Шабовіч, Дзмітрый Дземідовіч, паэт і бард Дзмітрый Пятровіч.

Тэма любові да сваёй мовы, усведамленне яе як асновы нацыянальнага космасу прысутнічае ў творах практычна ўсіх беларускіх творцаў розных пакаленняў. Многія з гэтых твораў ужо сталі агульнавядомай класікай, але не страцілі сваёй надзённасці, вастрыні, кранальнасці. Такія творы прагучаць напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў Доме Коласа ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Валянціна Салаўёва. Імёны Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Пімена Панчанкі сталі не проста хрэстаматыйнымі, але і сапраўды дарагімі для сэрца кожнага шчырага беларуса.

Да свята створана выстаўка сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, з фондаў якога будуць прадстаўлены рукапісы беларускіх пісьменнікаў-сучаснікаў Коласа – Петруся Броўкі, Міхася Лынькова, Максіма Танка і інш., некаторыя асабістыя рэчы.  З фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ўвазе наведвальнікаў прапаноўваюцца рукапісы вершаваных твораў і навуковых прац Коласа, дакументы аб дзейнасці у галіне айчыннага мовазнаўства Інбелкульта і Беларускай акадэміі навук.

Пачатак мерапрыемства ў 16.00.



ўсе навiны


© 2009-2014 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, , yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40,
  Карта сайта