Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

"Я прыйшоў у жыццё не для сябе самога, я прыйшоў дзеля Вас..."


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў



Адкрыццё выстаўкі “Спорт у сям"і Міцкевічаў”


 

 

7 мая 2014 года а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на ўрачыстае адкрыцце выстаўкі “Спорт у сям"і Міцкевічаў”. Сёння нельга знайсці ні адной сферы чалавечай дзейнасці, не звязанай з фізічнай культурай, паколькі фізічная культура і спорт агульнапрызнаныя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці грамадства ў цэлым і кожнага чалавека паасобку.

Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) яшчэ падчас навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі цікавіўся фізічнай культурай. Любіў “падужыцца” са сваімі сябрамі-семінарыстамі –  падымаў рукі, падгінаў кулакі і з кожнага боку навешваліся па тры чалавекі. І як яны не стараліся, не маглі адагнуць рукі маладога паэта.

Пясняр таксама вельмі любіў гуляць у шахматы са сваім сябрам Янкам Купалам. Спаборніцтвы за шахматнай дошкай ішлі з пераменным поспехам. Захапляўся гульнёй у шаматы і старэйшы сын Якуба Коласа – Даніла Міцкевіч.

Мала хто ведае, што Колас быў выдатным стралком – у час Першай сусветнай вайны быў першым у сваёй роце па стральбе з нагана. Ды і з малакаліберкі ён пасылаў у мішэнь куля за куляй. Яго здольнасці ў стральбе перадалася і сынам – Юрку і Міхасю.

Юрый Міцкевіч быў вельмі трапным стралком. Часта прымаў удзел у спабрніцтвах па стэндавай стральбе (стральба шротам па талерках, што вылятаюць з вялікай хуткасцю). Без грунтоўнай падрыхтоўкі ён займаў прызавыя месцы. Таксама вельмі добра плаваў, мог гадзінамі трымацца на вадзе.

Міхась Міцкевіч таксама займаўся стральбой, удзельнічаў у шматлікіх спаборніцтвах, мае шмат ганаровых грамат і ўзнагарод, з"яўляецца майстрам спорту па стэндавай  стральбе. Будучы старшынёй рэспубліканскай секцыі па стральбе пры спорткамітэце, ён прысутнічаў на алімпіядзе ў Рыме.

А любімым заняткам самаго Якуба Коласа было “ціхае паляванне” – збор грыбоў. Канстанцін Міхайлавіч добра ведаў грыбныя мясціны і час, калі з"яляюцца грыбы. Самымі ж любімымі грыбамі прызнаваў чарнагаловыя баравікі-прыгажуны. Ён іх самым старанным чынам выразаў, корань падчышчаў нажом і акуратна клаў у кошык.

Унукі і праўнукі Якуба Коласа таксама цікавіліся і цікавяцца рознымі відамі спорту. Сяргей Міхайлавіч Міцкевіч займаўся класічнай (грэка-рымскай) барацьбой, мае 1 разрад. Марыя Міхайлаўна Міцкевіч займалася вялікім тэнісам, а таксама ўдзельнічала ў лыжных паходах. Вера Данілаўна Міцкевіч з бацькам гуляла ў шахматы і більярд. У школьныя гады ёй вельмі падабалася лёгкая атлетыка, а ў 8 класе цэлы год займалася вялікім тэнісам. Андрэй Данілавіч Міцкевіч таксама дбаў пра фізічную культуру -  лыжамі і лёгкай атлетыкай.

На выставе  прадстаўлены фотаздымкі паэта, яго сыноў, унукаў і праўнукаў падчас занятаў рознымі відамі спорту, іх ганаровыя граматы і пасведчанні. А таксама наведвальнікі змогуць убачыць шахматы са слановай косткі, які былі падараваны Якубу Коласа на 70-годдзе.

 

Ва ўрачыстым адкрыцці выстаўкі прымуць удзел – малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, унукі і праўнукі паэта, знакамітыя спартсмены.

 

 

 

 

 

 

 

 



ўсе навiны


© 2009-2014 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, [email protected], yakubkolas.by
 
Тел./факс 284-19-40, 284-17-02
  Карта сайта