Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

Мой запавет вам: ідзіце ў нагу з жыццём, не адставайце, апераджайце яго.


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў

Сяброўскія сустрэчы з рэдакцыямі перыядычных выданняў творчай і навуковай інтэлігенцыі рэспублікі


Літаратурна-музычная вечарына “Родная газета на роднай мове”

да 95-годдзя заснавання газеты “Звязда” 

7 чэрвеня а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць літаратурна-музычную вечарыну, прысвечаную 95-годдзю заснавання аднаго з самых славутых беларускіх перыядычных выданняў – газеты “Звязда”. Гэтым самым музей працягвае традыцыю сустрэч з беларускімі выданнямі, якія не цураюцца Коласава слова.
Летам 1917 года ўбачыў свет першы нумар газеты, якой у далейшым было наканавана праз шматлікія дзесяцігоддзі несці штандар беларушчыны. Штопраўда, спачатку выданне было на рускай мове. Таму і назва яго рускамоўная – "Звязда". Пасля газета стала двухмоўнай, а ў 1927 годзе цалкам перайшла на мову тытульнай нацыі Беларускай Савецкай Рэспублікі.
 
У 1917 годзе Якуб Колас мог не ведаць пра заснаванне яшчэ адной газеты на Радзіме. Тады паэта закруцілі віхуры Першай сусветнай вайны. Прыкладна ў той час, калі выходзіць першы нумар "Звязды", Канстанцін Міцкевіч, прызначаны начальнікам цэлага эшалона, суправаджае на фронт каманду дэзерціраў. Да прыезду на Беларусь заставалася амаль чатыры гады…
 
Затое з пераходам на беларускую мову ў 1927 годзе "Звязда" становіцца для Якуба Коласа ці не галоўнай газетай. Свае нованароджаныя вершы паэт, які на той час ужо меў званне народнага, нёс менавіта ў "Звязду". Можна смела казаць, што большасць вершаваных новатвораў Якуба Коласа публікавалася ў гэтай газеце. Публікуемыя ў "Звяздзе" вершы мелі ў асноўным грамадскага-палітычнае гучанне. Водгукі паэта на падзеі ў Еўропе, унутры Савецкай дзяржавы, юбілейныя прысвячэнні знаходзілі месца перадусім на старонках гэтага органа друку.
 
Не пакідала ўвагі адна з цэнтральных беларускіх газет да Коласавай спадчыны і пасля таго, як паэта не стала. Рэгулярна на старонках "Звязды" з'яўляліся вершы класіка, даследаванні яго творчасці, успаміны пра жыццё славутага творцы.
 
Цалкам лагічна, што пачэсную ўзроставую адзнаку рэспубліканскай газеты не прамінуў адсвяткаваць і музей Якуба Коласа. Святочнае мерапрыемства з удзелам працоўнага калектыва "Звязды" на чале з галоўным рэдактарам Алесем Карлюкевічам, яе аўтараў і чытачоў плануецца правесці ў гасцёўні народнага паэта – там, дзе некалі ён мог сустракацца са шматлікімі наведвальнікамі, у тым ліку журналістамі.
 
Акрамя таго, у рамках музейнай акцыі "Мы чытаем Коласа" прагучаць друкаваныя некалі ў газеце вершы песняра. Падчас мерапрыемства ў наведвальнікаў будзе таксама магчымасць пазнаёміцца з выстаўкай «Колас і "Звязда"» з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
 
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

 



ўсе навiны


© 2009 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5 yakubkolas.by
 
Тел./факс +375 17 284 19 40
  Карта сайта