Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа: Мой запавет вам: ідзіце ў нагу з жыццём, не адставайце, апераджайце яго. |
Творчыя сем'і ў Доме Коласа“А на нашай планеце ўсё не так, як у вас…”
Віктар Жыбуль – беларускі паэт і літаратуразнавец. Скончыў філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры ім. Працаваў у часопісе творчай моладзі «Першацвет», часопісах «Роднае слова» і «ARCHE Пачатак». Літаратурны шлях пачаў з перамогі на мінскім гарадскім паэтычным конкурсе “Родны горад” (1994 г.). Набыў вядомасць як паэт-эксперыментатар, аўтар некалькіх паліндромных паэм. Выдаў зборнікі паэзіі “Калі ў хаце дывэрсант” (1996 г.), “Рогі гор” (1997 г.), “Прыкры крык” (2001 г.), “Дыяфрагма” (2003 г.). Удзельнік творчага руху “Бум-Бам-Літ” (з 1996 г.), многіх літаратурна-музычных праектаў, мастацкіх акцый, перформансаў. Браў удзел у шматлікіх міжнародных праектах. Вершы Віктара Жыбуля перакладаліся на англійскую, балгарскую, латышскую, літоўскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую і чэшскую мовы.
Вера Бурлак – беларуская паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца. Нарадзілася ў Кіеве. Скончыла філалагічны факультэт БДУ і аспірантуру пры ім. Выкладае рускую літаратуру ў БДУ. Вершы піша з дашкольных гадоў, актыўна друкавацца пачала ў 2001 г. У творчым асяродку вядома пад псеўданімам Джэці. Аўтарка некалькіх самвыдатаўскіх зборнікаў, кнігі вершаў “За здаровы лад жыцьця” (2003 г). Займаецца літаратуразнаўствам, даследуе паэзію для дзяцей. Зрабіла шэраг перакладаў паэзіі і прозы з англійскай, рускай, украінскай моў. Выступае як аўтарка і выканаўца ўласных песняў, як вакалістка і інструменталістка. Удзельнічала ў міжнародных літаратурных праектах. Творы Веры Бурлак перакладаліся на англійскую, нямецкую, польскую, рускую, украінскую, чэшскую і мову эсперанта.
Знаёмству маладых людзей таксама паспрыяла літаратура. Іх першая сустрэча адбылася на творчым вечары аднаго з рускіх пісьменнікаў і пераўтварылася ў творчае і жыццёвае супрацоўніцтва. Сёння сям'ю яднае яшчэ і сынок Кастусь.
Галоўныя госці літаратурнай імпрэзы падзеляцца сваімі творчымі планамі, а таксама распавядуць пра асабістыя захапленні. Той, хто ўжо знаёмы з гэтай парай, добра ведае, што кожнае іх выступленне пераўтвараецца ў сапраўдны перформанс, свята сучаснай паэзіі. Спецыяльна запрошаным госцем імпрэзы стане ўдзельнік гурта "Балцкі субстрат" Максім Іўкін, які разам з Верай Бурлак выканае песні на словы Л.Кэрала, Т.Янсан, З.Бядулі і інш.
Спадзяемся, што вечар у Доме Коласа дасць магчымасць запрошаным пабачыць адначасова як вядомых і таленавітых людзей, так і проста шчаслівую і цікавую сям'ю.
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!. ўсе навiны ![]() |
||
|
|
|||
|
||||||||



Карта сайта