Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

Мой запавет вам: ідзіце ў нагу з жыццём, не адставайце, апераджайце яго.


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў

"НА ПРАСТОР!" Прэзентацыя новых твораў мастацкай каласіяны мастакоў Яўгена Шунейкі, Людмілы Налівайка, Віктара Данільчыка


У наступным 2012 годзе наша краіна будзе адзначаць 130-годдзе народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. З гэтай нагоды Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа як вядучы культурны цэнтр, у якім зберагаецца гісторыя жыцця і творчасці народнага песняра, плануе вялікую колькасць новых цікавых праектаў. Добрым пачаткам юбілейнай серыі мерапрыемстваў і новым вітком у мастацкай каласіяне, спадзяемся, стане акцыя “На прастор!”, якая пачнецца ў музеі 18 мая, у Міжнародны дзень музееў. Ініцыятары гэтага творчага праекта, мастакі Людміла Налівайка, Яўген Шунейка, Віктар Данільчык прадставяць свае новыя творы, прысвечаныя асобе песняра, яго блізкім і родным, маляўнічым беларускім краявідам, вобразам ліра-эпічнай паэмы “Сымон-музыка” ў выставачным пакоі Дома-музея народнага паэта. Лепшыя творы выстаўкі будуць перададзены ў дар музею.

 

Яўген Шунейка, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, сябра саюза мастакоў, арганізатар і ўдзельнік шматлікіх мастацкіх праектаў у Беларусі і за яе межамі, аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі і праблемах сучаснага беларускага мастацтва, адзначыў, што прыспеў “…час зрабіць чарговы рашучы крок у развіцці гэтага плённага напрамку нацыянальнага мастацтва, па-новаму звярнуцца да вядомых і яшчэ не асэнсаваных вобразаў, якія дазваляюць кожнаму мастаку адчуць вялікае натхненне і акрыленасць, выйсці на самы неабмежаваны творчы прастор”.

 

Як мастак Яўген Шунейка праяўляе сябе ў тэкстыльнай творчасці, займаецца станковым жывапісам і малюнкам, засвойвае нетрадыцыйнае мастацтва інсталяцыі і інш.

 

На выставе будуць прпадстаўлены работы Людмілы Налівайка, кандыдата мастацтвазнаўства, сябра саюза мастакоў, вядучага навуковага супрацоўніка аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, аднаго з вядучых даследчыкаў беларускай графікі першай паловы ХХ ст. Працуе ў тэхніцы батыка і роспісу па тканіне, развівае і мадэрнізіруе традыцыі віцебскіх і мінскіх мастакоў-наватараў 1920-х гг.

 

Віктар Данільчык – выпускнік кафедры станковага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, жыве і працуе ў Мінску.

 

Асобны комплекс выставы будзе прадстаўлены рэдкімі кнігамі з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа – прыжыццёвымі выданнямі твораў паэта: самыя першыя асобнікі паэм “Новая зямля”(1923), “Сымон-музыка” (1925), “Рыбакова хата” (1947), “Суд у лесе” (1943), а таксама “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1909), паэтычныя зборнікі “Песні жальбы” (1910), “Водгулле” (1922), “Голас зямлі” (1943), Зборы твораў Якуба Коласа ў 2-х (1928-1929) і 7-і (1952-1954) тамах і інш. 

 

Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 18 мая гэтага года ў 17 гадзін у мемарыяльнай гасцёўні Дома Коласа.

 

Наш адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.

Тэл.: 284 15 84, 284 17 02

 

 



ўсе навiны


© 2009 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5 yakubkolas.by
 
Тел./факс +375 17 284 19 40
  Карта сайта