Літаратурная імпрэза
“КРЫНІЦЫ ЗАБАВЫ І НАТХНЕННЯ”:
да 85-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і 115-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Кандрата Крапівы
31 сакавіка а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць літаратурную імпрэзу пад назвай "Крыніца забавы і натхнення", прысвечаную 85-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і 115-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР Кандрата Крапівы.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску – сапраўдны захавальнік тэатральных традыцый Беларусі. Рэпертуар тэатра за шматгадовую гісторыю існавання шматразова мяняўся, але нязменнымі заставаліся п'есы па творах Якуба Коласа і Кандрата Крапівы. Першая пастаноўка па творчасці песняра – драма “Вайна вайне”. Затым у рэпертуары з'явіліся спектаклі “У пушчах Палесся”, “Навальніца будзе”, “Сымон-музыка”, "Зямля”. Драматургія Кандрата Крапівы прадстаўлена пастаноўкамі “Людзі і д'яблы”, “Пяюць жаваранкі”, “Блытаныя сцежкі”.
На працягу ўсёй гісторыі мастацкае аблічча тэатра традыцыйна вызначаюць акцёры. У Коласаў дом на святочную вечарыну завітаюць народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс, вядучыя майстры сцэны Анжаліка Баркоўская, Пятро Ламан і Валянцін Салаўёў, загадчык літаратурна-драматычнай часткі тэатра Святлана Дашкевіч. На вечарыне ў выкананні артыстаў будуць гучаць вершы Якуба Коласа, прадстаўлены ўрывак са спектакля “Мудрацы”. Спецыяльным госцем імпрэзы стане заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Мархель, якая некалі працавала ў Віцебскім тэатры і менавіта на яго сцэне ўпершыню заспявала ў спектаклі "Сымон-музыка".
Непасрэднае дачыненне да тэатральнай спадчыны краіны меў і яшчэ адзін юбіляр, якога ўшаноўвае наш музей. 115 год споўнілася з дня нараджэння Кандрата Крапівы, народнага пісьменніка Беларусі, акадэміка НАН Беларусі, Героя Сацыялістычнай працы, заслужанага дзеяча навукі Беларусі. Да дома Якуба Коласа К. Крапіва меў непасрэднае дачыненне, бо адносіны з гаспадаром былі сяброўскія. Не раз адбываліся вельмі цёплыя сустрэчы, калі малады К. Крапіва прыходзіў у госці да старэйшага сябра з іншымі пісьменнікамі. У час вайны паміж Якубам Коласам і Кандратам Крапівой вялася перапіска, лісты якой захоўваюцца ў фондах музея. Пісьменнікі не раз сустракаліся як па літаратурных, так і па службовых справах. Для маладога аўтара Якуб Колас стаў не проста шчырым сябрам, але і сапраўдным літаратурным настаўнікам.
На сустрэчы ў музеі сваімі ўспамінамі з прысутнымі падзеляцца родныя Кандрата Крапівы.
Падчас вечарыны будуць наладжаны выставы з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, прысвечаныя Кандрату Крапіве і Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа.
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
ўсе навiны