Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

Мой запавет вам: ідзіце ў нагу з жыццём, не адставайце, апераджайце яго.


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў


“СТРАЛА КАХАННЯ, ЛЮБОВІ КРЫЖ”

Літаратурная сустрэча з цыкла "Творчыя сем'і ў Доме Коласа"
з Людмілай Рублеўскай і Віктарам Шніпам

 

24 сакавіка а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць літаратурны вечар пад назвай "Страла кахання, любові крыж", які пройдзе ў рамках распачатага ў гэтым годзе цыкла “Творчыя сем'і”. На гэты раз запрошанымі гасцямі стануць таленавітыя літаратары Віктар Шніп і Людміла Рублеўская.

 


Саюз Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай – яскравы прыклад сям'і, дзе пануе лад і згода, каханне і ўзаемапавага, дзе шануюцца Божыя і агульначалавечыя каштоўнасці, сям"і, дзе вельмі добра ўжываюцца надзвычай таленавітыя прадстаўнікі сучаснай беларускай літаратуры.
 

      Людміла Рублеўская – шматгранная таленавітая асоба: пісьменніца, крытык, журналіст, культурны аглядальнік газеты “СБ – Беларусь сегодня”, кiруе суполкай маладых творцаў "Лiтаратурнае прадмесьце". Літаратурную дзейнасць яна абрала ў выніку ваганняў паміж двума захапленнямі: уласна літаратурай і маляваннем. Пачала выступаць у друку з лірыкай, але хутка адчула абмежаванасць паэтычнай прасторы для свайго таленту і паступова перайшла да драматычных паэм на гістарычную тэматыку, а затым і да прозы. Людміла Рублеўская малюе яркія вобразы беларускай гісторыі X–XX стагоддзяў, раскрываючы для чытача свет вялікай і багатай духоўнай спадчыны.


      Віктар Шніп – цікавы арыгінальны пісьменнік, аўтар 15 кніг прозы і паэзіі, галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура". Яго творчасць вылучаецца шырокім жанравым і тэматычным дыяпазонам. Значнае месца ў творчасці паэта займае балада, якой Віктар Шніп застаецца верным на працягу ўсёй сваёй дзейнасці. Яго непаўторныя балады, які раскрываюць перад намі арыгінальнасць творчага мыслення паэта, занялі сваё адметнае месца ў сучаснай літаратуры (на сённяшні дзень іх напісана ўжо каля двухсот).


      Пранізлівая, шчырая і меладычная паэзія В. Шніпа была заўважана беларускімі кампазітарамі: мілагучныя лірычныя радкі паэта пакладзены на музыку і гучаць у выкананні папулярных артыстаў. Даследчыкі песеннай лірыкі паэта адзначаюць, што яна паўплывала таксама на класічны беларускі раманс, надаўшы яму еўрапейскую стылістыку і вобразнасць.


      З музеем Якуба Коласа сям'ю Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай лучаць гады сяброўства і супрацоўніцтва. Літаратары з радасцю адгукаюцца на запрашэнні ў музей, актыўна ўдзельнічаюць у наладжаных мерапрыемствах. Спадзяемся, што вечар у Доме Коласа дасць магчымасць сустрэцца не толькі і не столькі з вядомымі пісьменнікамі, колькі з шчаслівай, цікавай творчай сям'ёю.


      На сустрэчу запрошаны сябры сям'і, беларускія літаратары, кампазітары. Музычным аздабленнем вечара стануць класічныя мелодыі на мемарыяльным раялі Коласавага дома ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Кацярыны Марэцкай.

 

        На мерапрыемстве можна будзе набыць кнігі Л.Рублеўскай і В.Шніпа і атрымаць аўтограф.


САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!


Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02

 

 



ўсе навiны


© 2009 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5 yakubkolas.by
 
Тел./факс +375 17 284 19 40
  Карта сайта