Летапiс жыцця i творчасцi Якуба Коласа:

Мой запавет вам: ідзіце ў нагу з жыццём, не адставайце, апераджайце яго.


Museum.by

Вершы беларускіх паэтаў

Творчыя сем'і ў Доме Коласа: сустрэча з Георгіем і Наталляй Паплаўскімі


17 сакавіка а 16-й гадзіне Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ладзіць святочную імпрэзу, якая стане добрым пачаткам новага інтэрактыўнага праекта “Творчыя сем'і”. Вечарына прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння мастакоў Наталлі і Георгія Паплаўскіх.

 

Георгій Паплаўскі – цэлая эпоха ў свеце мастацтва. Па шматграннасці з ім цяжка параўнацца – ён аднолькава віртуозна валодае тэхнікамі жывапісу, акварэлі, графікі, літаграфіі. З творчым почыркам мастак вызначыўся яшчэ ў 60-х – у часы “суровага рэалізму”. Работы Георгія Паплаўскага прысвечаны барацьбе беларускага народа з захопнікамі, асваенню космаса. 

Рамантыка далёкіх вандровак і будні “цяжкіх” прафесій – адна са сталых тэм творчасці мастака. Сахалін, Атлантыка, Камандоры, Куба, Ледавіты акіян, Камчатка, Новая Зямля, Прыморскі і Хабараўскі край, Манголія, Індыя... Георгій Паплаўскі аб'ехаў паўсвету і ў сваіх творах па-майстэрску падае абагуленыя рамантызаваныя вобразы дужых, смелых і мужных людзей. Творы Георгія Паплаўскага, народнага мастака Беларусі, правадзейнага члена Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Расійскай Акадэміі мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, лаўрэата Міжнароднай прэміі імя Джавахарлала Неру, кавалера ордэна Дружбы народаў,  захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Трэццякоўскай галерэі, у музеях Украіны, ЗША. Акрамя таго, Георгій Паплаўскі – аўтар ілюстрацый да кніг замежных і беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Валянціна Тараса.


У сваю чаргу Наталля Мікалаеўна стварае пяшчотныя, казачныя акварэлі і літаграфіі. Яе творчасць вызначаецца відавочнай блізкасцю да нацыянальных традыцый беларускай культуры, цікавасцю да гісторыі, этнаграфіі і фальклору.


З музеем Якуба Коласа Георгія Георгіевіча і Наталлю Мікалаеўну лучаць гады сяброўства і творчага супрацоўніцтва. Музей захоўвае звыш 80 работ Георгія Паплаўскага – графічныя лісты і жывапісны партрэт, напісаны з нагоды 120-годдзя Якуба Коласа, а таксама чатыры работы Наталлі Мікалаеўны. Сярод шматлікіх выдатных работ Георгія Паплаўскага – ілюстрацыі да кніг Якуба Коласа “Новая зямля” (1968) і кнігі “Выбранае”, якая выйшла ў 1983 годзе з нагоды 100-гадовага юбілею Коласа, куды ўвайшлі вершы песняра і паэма “Сымон-музыка”.


Павіншаваць юбіляраў прыйдуць: Уладзімір Уродніч, дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; Барыс Крэпак, заслужаны дзеяч мастацтва, мастацтвазнаўца; Таццяна Гаранская, мастацтвазнаўца; Яўген Коктыш, вядомы беларускі фотажурналіст;  запрошаны мастакі, члены Саюза мастакоў Беларусі Ніна Марчанка, Мікалай Рыжыкаў, Уладзімір Пасчасцеў. У праграме вечара – музычнае віншаванне ад Мінскага струннага квартэта Белдзяржфілармоніі і навучэнцаў школ мастацтваў г. Мінска.

 

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!



ўсе навiны


© 2009 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа
220012 г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5 yakubkolas.by
 
Тел./факс +375 17 284 19 40
  Карта сайта