"Агеньчык ветлы той, што зоркай ззяе ў паднябессі": сустрэча з рэдакцыяй часопіса "Алеся"
|
10 сакавіка 2011 года а 16 гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў рамках творчых сустрэч з рэдакцыямі беларускіх часопісаў адбудзецца чарговая літаратурна-музычная вечарына “...Агеньчык ветлы той, што зоркай ззяе ў паднябессі” з удзелам рэдакцыі часопіса для жанчын “Алеся”. Да нядаўняга часу гэта выданне мела назву “Работніца і сялянка”. У ім неаднойчы, пачынаючы з 1946 года, публікаваліся творы народнага паэта Якуба Коласа і матэрыялы, звязаныя з яго жыццём і творчасцю. |
На вечарыну запрошаны супрацоўнікі часопіса на чале з галоўным рэдактарам Тамарай Пятроўнай Бунто і аўтары папулярнага выдання. У выкананні паэтаў, творы якіх друкуюцца на старонках часопіса, прагучаць вершы-прысвячэнні жанчынам. У другой частцы святочнай імпрэзы адбудзецца канцэрт вядомага беларускага ансамбля “Менскі гармонік”.
Госці, якія завітаюць на нашу імпрэзу, будуць мець магчымасць азнаёміцца з выставай з фондаў музея “Як лепшае божжа стварэнне, прайшла ты дарогай святою”. Яна прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч. Для народнага паэта Марыя Дзмітрыеўны была не проста жонкай, добрай гаспадыняй, маці трох сыноў, але і лепшым сябрам, першым чытачом і крытыкам яго твораў, яго натхняльніцай. На выставе экспануюцца лісты Алены Броўкі да Якуба Коласа, ленінградскай мастачкі Таццяны Мікалаеўны Жырмунскай, Аляксандры Іванаўны Пічэта, апошнія лісты з фронту сярэдняга сына Юркі да маці, лісты Якуба Коласа да Марыі Дзмітрыеўны, успаміны пра маці сыноў – Данілы і Міхася, якія змешчаны ў іх кнігах – “Любіць і помніць” і “Пад бацькоўскім дахам”, аўтограф верша-прысвячэння Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўне “На пералётах”.
САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!
ўсе навiны