|
Даніла МіцкевічДанііл Канстанцінавіч Міцкевіч (Даніла, Данік; 30.09.1914, г. Пінск – 07.07.1996, г. Мінск, пахаваны на Вайсковых могілках) – старэйшы сын Якуба Коласа. Жыў з бацькамі ў Пінску, Старыкаве (Падмаскоўе), Пермі, на Куршчыне, у Ташкенце. З 1921 года жыў і іпрацаваў у Мінску. Даніла Міцкевіч закончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1936 годзе. Потым працаваў асістэнтам, пасля старшым выкладчыкам на гэтым факультэце. У час вайны – у Сярэднеазіяцкім універсітэце (1941-1942), з 1942 г. – у хімічнай групе АН БССР. У жніўні 1943 быў выкліканы ў Маскву, дзе працаваў тры месяцы дэканам хімфака адноўленага БДУ на ст. Сходня пад Масквой. Потым – навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, загадчык лабараторыі ў Інстытуце хіміі АН БССР.
Як старэйшы сын, Даніла ў сям"і дапамагаў па гаспадарцы, выконваў розныя даручэнні бацькі, клапаціўся пра родных.
У красавіку 1957 г. Д. Міцкевіч быў прызначаны першым дырэктарам Літаратурнага музея Якуба Коласа, у 1980 выйшаў на пенсію, але да канца жыцця заставаўся на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка. Узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, медалём Францыска Скарыны (1995). Заслужаны дзеяч культуры БССР.
Удзельнічаў у стварэнні трох экспазіцый музея (1959, 1972, 1982), будаўніцтве філіялаў музея на Стаўбцоўшчыне. Выступаў на літаратурных вечарынах і сустрэчах. Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, успамінаў пра яго, пра Янку Купалу, Сяргея Гарадзецкага і іншых. Браў удзел у складанні альбомаў “Якуб Колас. Жыццё і творчасць” (1959, 1974), Збораў твораў Якуба Коласа. У выдавецтве “Полымя” ў 2000г. выдадзена кніга Д. Міцкевіча “Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа”.
Даніла Міцкевіч – прататып Анціка, сына настаўніка Астапа Лугавіка ў апавяданні Коласа “Туды, на Нёман!”, пад сваім імем Даніла згадваецца ў паэме “Міхасёвы прыгоды”.
Па матэрыялах часопіса "Роднае слова" (1/2001).
|
|
|
|
||||||||

Карта сайта